Адно з нешматлікіх інтэрв’ю, якое публікуем з невялікай затрымкай. У гасцях у нашага праекта выдатны чалавек і не менш выдатны наваполацкi паэт і музыка – Стась Сілка.

– Як ты прыйшоў да музыкі: як чалавек і як музыка?

– Мне складана разважаць на тэму “Як ты прыйшоў да…”. “Прыйшоў” азначае нейкі шлях, шлях азначае нейкую першапачатковую кропку і мэту фінальную, да якой ты ідзеш. Я не ставіў сабе мэту стаць музыкам, таму і не ішоў да мэты, проста так склалася, што чыста фізіялагічна я магу трымаць некаторыя інструменты ў руках і лёс даў мне некаторыя іншыя магчымасці, якія дазваляюць мне выкарыстоўваць гэтыя інструменты. Па легендзе бацькі заўважылі, што нешта музычнае ўва мне ёсць, яшчэ калі я быў зусім малым, далей яны мне проста не перашкаджалі. I зараз мае бацькі, нават, калі не заўсёды падтрымліваюць мае рашэнні, то як мінімум не перашкаджаюць мне іх прымаць, таму я займаюся музыкай замест таго, каб старацца вучыцца рабіць кар’еру і рабіцца дырэктарам якога-небудзь завода.

– Якую музыку слухаў у дзяцінстве? Быў ці ёсць нейкі кумір?

– Вельмі часта, чытаючы пра розных артыстаў, можна ўбачыць: “Бацька – саліст філармоніі, маці – настаўніца, дома шмат добрай музыкі і рос у атмасферы класікі на піяніна са скрыпкай”. Дык вось пра мяне сказаць так нельга. Я нарадзіўся ў 90-х у досыць простай сям’і, таму музыкі вакол мяне было шмат рознай і гэта былі не лепшыя ўзоры музыкі часцей: Філіп Кіркораў, Іванушкі і што заўгодна, пасля стаў больш актыўна слухаць рок. Першы, напэўна, кумір – гэта ўсё ж такі быў Цой, у мяне і касеты, і кніжкі пра яго былі, і на гітары, як большасць адэкватных пацаноў, я вучыўся граць па яго песнях. З беларускіх выканаўцаў першы быў Лявон Вольскі і NRM. Гэта быў шок для мяне, але здарылася гэта значна пазней, класе ў 7 можа.

– Як ты прыйшоў да беларускай мовы? Што гэта для цябе значыць?

– Па-беларуску я мог размаўляць з самага дзяцінства, слова “дабранач” самы яскравы ўспамін з дзяцінства чамусьці. Зноўку ж пра “прыйшоў” хутчэй гэта магчымасць размаўляць па-беларуску прывяла мяне ва ўсе тыя месцы, ў якіх я цяпер ёсць. Вось такая думка. Гэта нічога для мяне не азначае, я проста размаўляю па-беларуску.

Стась Сiлка, Беларусь, Новополоцк

– У апошні час назіраецца хваля цікавасці да беларускай мовы, беларускай культуры, у нейкім сэнсе. Як ставішся да гэтай мэйнстрымнай з’явы?

– Да таго, што беларуская мова і культура робяцца мэйнстрымам, я стаўлюся досыць спакойна, я та ў гэтым яшчэ з тых часоў калі гэта не было мэйнстрымам. (смяецца) Усё непатрэбнае адваліцца, нехта працягне займацца, нехта – не, пляваць, гэтая мова і культура перажывуць нас, у тым ці іншым выглядзе. Лепш хай людзі выпендрываюцца вышымайкамі, чым нюхаюць клей у маім пад’ездзе.

– Раней зусім не выступаў у Мінску? Нават на кватэрніках ці нейкіх тусоўках? А у студзенi адразу канцэрт “з размахам”. Якія адчуванні?

– Насамрэч я выступаў у Менску разоў 5, можа, гэты канцэрт анансаваўся па-мойму не як першы, а як першы сольны канцэрт. Адчуванні блытаныя пакуль, не ведаю, лепш бы было спытаць у каго-небудзь, хто быў на канцэрце і не мой сябар ці ананімна, каб не баяліся сказаць пра касякі публічна. Я збольшага задаволены выступам. Дзякуй усім, хто быў!

Стась Сiлка, Беларусь, Новополоцк

– У лістападзе 2015 ты прымаў удзел у фестывалі “Бардаўская восень”, дзе быў адзначаны узнагародай. Што для цябе значыць гэтая маленькая перамога? Што яна дала табе?

– “Бардаўская восень”, у першую чаргу, дала мне магчымасць пазнаёміцца з вялікай колькасцю новых людзей, гэта вельмі важна. Па-другое, рознага кшталту сур’ёзныя дзядзі пачулі маё прозвішча. Чагосці глабальнага не адбылося.

– Ва ўсіх анонсах і інтэрв’ю аўтары, таварышы і калегі кажуць пра тваю шчырасць, дабрыню, абаяльнасць ў жыцці і на сцэне. І амаль кожны з іх адводзіць музычны прафесіяналізм як бы на другі план. Як плануеш разбірацца са “слабым бокам”?

– Па шчырасці, праблемаў у музычным плане больш чым дахрэна, з гітарай я нічога рабіць не буду, не хачу ўмець музыку пісаць, хачу каб пісалася так, як пішацца, проста знеадкуль такое “бац” і ўсё, мне падабаецца гэтае пачуццё проста. А голасам я стараюся займацца цяпер, спяваю з гуртом Варган, і апроч таго, што спяваеем традыцыйныя песні, я бяру для сябе яшчэ і тэхнічны складнік. Складана, хаця музыкай і спевамі тымі ж, у той ці іншай якасці, займаюся 15 год напэўна, а так не навучыўся. (смяецца) Вось так, паглядзім.

– Раскажы пра першы альбом. Пра што ён, для каго?

– Пра альбом мне асабліва і сказаць няма чаго, я яго і альбомам та называць не хацеў, але ж так зручна проста. На нейкім сайце ў каментах было напісана нешта накшталт “лакальны альбом для сяброў і прыяцеляў”. Мне падаецца, што гэта досыць добрае азначэнне, я не разлічваў на больш шырокае кола, калі выліваў яго ў інэт, але нешта, як заўсёды, пайшло не так крыху. На ім песні якія былі напісаныя за 4 гады апошнія, не ўсе канешне, нешта я не захацеў запісваць.

– У пачатку года прайшлі выступы ў многіх гарадах Беларусі, сольны канцэрт у Мінску. А што далей? Якія планы: альбом, кліп, тур?

– Цяпер у планах рэалізацыя адной музычнай ідэі, можа, да лета зраблю, ці да восені, паглядзім, як пойдзе. Будуць запрашаць – буду граць канцэрты, пакуль ніякіх прапановаў не было. Асабліва нічога не планую канкрэтнага, усё абстрактна на ўзроўні думак, але нешта ж будзе.

– Чаго табе хацелася б прама цяпер, калі казаць пра музыку. Якое жаданьне загадаў бы залатой рыбцы?

– Не паверыце, я не загадваю жаданні, амаль што ніколі, не магу я нешта прасіць у кагосці, залатая рыбка не вінаватая, што можа выконваць жаданні. Я б яе выпусціў, а якая-небудзь старая мая крычала б, што я дурачок.

– Пажаданні нашым чытачам і тваім слухачам.

– Вашым чытачам – зычу поспехаў і добрага настрою з добрай музыкай. Сваім слухачам кажу: “Завязвайце!”.