Ільля Фаляжынскі: кожны павінен быць на сваім месцы

Минск, acoustic, Iльля Фаляжынскi

У нашым праекце выканаўца з Мінска – Ільля Фаляжынскi. Ён любіць зялёную гарбату, верыць, што ў акустычнай музыкі ў Беларусі ёсць шанец, і як ніхто ведае, што рабіць, калі гэты свет не прымае твае ідэі. Пра ўсё гэта ў інтэрв’ю Bazilik Live.

– У інтэрв’ю мы стараемся пазбягаць падобнага пытання. Але часам, гледзячы на музыканта, вельмі хочацца спытаць. Што для цябе музыка? І ці заўсёды так было?

– Асабіста для мяне музыка – гэта тое, што прыносіць задавальненьне. Дзякуючы музыцы я пазбаўляюся нейкага штодзёнага нэгатыву, пераходжу ў нейкае іншае вымярэньне, у якім не існуе ўсёй гэтай мітусьні і шэрасьці. Задумваешся часам “а што жа бы ты рабіў бяз усіх сваіх песень?” – і не знаходзіш адказу.

– Ці ёсць у цябе музычная адукацыя? Як лічыш, ці абавязкова яна павінна быць?

– Не, я не сканчаў ні музычнае школы, ні чагосьці іншага. Ня думаю, што музычная адукацыя – гэта самае галоўнае. Ёсьць шмат прыкладаў, калі музыкі праславіліся на ўсю плянэту, але пры гэтым ніякіх музычных установаў не сканчалі, былі самавучкамі. Часам сам працэс навучаньня зьнішчае ў музыкаў матывацыю, зьнікае той прамень у вачах і жаданьне надалей разьвівацца. Але ў той жа час ты можаш атрымаць карысныя веды, якія потым пасьпяхова выкарыстаеш на практыцы. У кожнага свой шлях.

– Твая першая песня. Памятаеш, калі яе напісаў, пра што яна?

– Так, вельмі добра памятаю. Яна называецца “О, Хэлен”. Я прысьвяціў яе дзяўчыне, у якую па вушы быў закаханы. Самае цікавае, што да гэтага я ніколі нават не рабіў спробаў напісаць ўласную песьню. А тут раптам штосьці стукнула і бам – песьня! Дзякуючы майму сябру мы запісалі кліп (калі можна яго так назваць), ён падыграў мне на там-таме. Я вырашыў зрабіць дзяўчыне падарунак на дзень нараджэньня. Верыў, што пасьля такога ў яе прачнуцца да мяне нейкія ўзаемныя пачуцьці – але дарма. Прыемна зараз пераглядаць тое відэа, крыху пасьмяяцца. Менавіта дзякуючы гэтай песьні я працягнуў працу ў гэтым накірунку, таму вельмі яе цаню.

– Ці ёсць музычны інструмент, на якім табе вельмі хацелася б навучыцца граць?

– Так, акустычная гітара, бо я разумею, што мне яшчэ ёсьць да чаго імкнуцца. Хаця і маю пэўны ўзровень. Апроч яе, магчыма, губны гармонік, заўсёды хочацца новага гучаньня. Ён вельмі дапаўняе акустычную гітару, разам яны ствараюць штосьці непаўторнае.

– У лістападзе 2015 ты прымаў удзел у фестывалі “Бардаўская восень”. Як гэта было? Што запомнілася больш за ўсё?

– Для мяне гэта быў вельмі добры вопыт, бо да гэтага фэстываля я не выступаў для такой колькасьці чалавек. Пазнаёміўся зь вялікай колькасьцю добрых музыкаў, кожны зь якіх адметны, непаўторны. І проста выдатна правёў час, акунуўся ў жыцьцё Польшчы. Прыемныя ўспаміны аб усім гэтым застануцца назаўсёды. І дзякую арганізатарам за няпростую падрыхтоўку і членам журы за падвядзеньне вынікаў.

– Што для цябе значыць беларуская мова? Дзіўнае пытанне для беларуса. Але такая рэальнасць. Наколькі я ведаю, ты пастаянна размаўляеш па-беларуску. Як даўно і чаму ты прыняў такое рашэнне?

– Гэта мая родная мова, якой я кожны дзень карыстаюся. Ня бачу ў гэтым нічога дзіўнага, хапае беларускамоўных у краіне, проста яны шыфруюцца. Хтосьці баіцца, камусьці нязручна. І ў мяне такое бывае. Варта памятаць, кім мы з’ўяўляемся на самой справе. Мяне гэта як раз і падштурхнула, у пачатку навучаньня ва ўнівэрсітэце пачаў наведваць розныя канцэрты, імпрэзы, якія дапамаглі мне зрабіць слушны выбар. Хаця і ў школе спрабаваў пераходзіць, толькі не было людзей, якія бы падтрымалі. А гэта вельмі важна! Бо калі ты бачыш, што большасьць вакол цябе размаўляе па-беларуску, то хутка і сам пяройдзеш. Хаця бы ў межах тусоўкі. Гэтага спачатку дастаткова. Варта таксама чытаць беларускамоўную літаратуру, слухаць беларускую музыку, глядзець фільмы ў беларускай агучцы. Хутка і не заўважыце, як зьменіцца вашае жыцьцё.

– Хто твой кумір? Хто той чалавек, на якога ты раўняешся і хацеў бы быць падобны?

– У мяне яго няма. Як няма і жаданьня быць да кагосьці падобным. Я хачу быць самім сабою, каб людзям нават у галаву не прыходзіла мяне з кімсьці параўноўваць. Ва ўсіх людзей, якіх мы сустракаем на сваім жыцьцёвым шляху, ёсьць чаму павучыцца. Часам гэта вельмі складана адкрыць, але так яно і ёсьць. Усе яны на нас уплываюць, як і мы на іх. Наогул гэта вельмі дзіўна і варта як-небудзь паразважаць глыбей.

– Ці часта выступаеш у Беларусі? З якой асноўнай праблемай сутыкаешся пры арганізацыі канцэртаў?

– Пастаянна, большасьць маіх выступаў і адбываецца тут, на Радзіме. Звычайна пры арганізацыі канцэрта рэклямай і раскруткай мерапрыемства прыходзіцца займацца самому, хаця усім гэтым павінен займацца арт-дырэктар пляцоўкі. Часам яго наогул няма, а часам ёсьць, але банальна не выконвае сваіх абавязкаў. На маю думку, кожны павінен быць на сваім месцы.

– Ці гатовы ты выступаць бясплатна і як доўга? Якія ўмовы павінны выконвацца, каб ты з радасцю выступіў, не зарабіўшы ні рубля?

– Даволі часта так і адбываецца, бо пакуль я не такі вядомы, а ня ўсе гатовыя плаціць нават невялічкі ганарар. Прыемна, канечне, хоць штосьці атрымоўваць, але сапраўднае мастацтва не павінна быць зьвязана з грашыма. Калі запрашаюць у іншы горад, то было бы добра, каб хаця бы аплацілі дарогу. А калі ідзе справа пра Менск, то дастаткова будзе кубачка гарбаты. (смяецца)

– Як ставішся да дабрачыннасці? Ці часта маеш да яе непасрэднае або ўскоснае стаўленне?

– Мне даспадобы людзі, якія ахвяруюць свой час ці грошы, нічога не патрабуючы ўзамен. У іх ёсьць чаму павучыцца. Думаю, што канцэрт з вольным уваходам у нейкім сэньсе таксама зьяўляецца крокам да дабрачыннасьці, хаця і адносным.

2016.04 Iльля Фаляжынскi 1

– Ходзіш на канцэрты іншых выканаўцаў? На якiм апошнім канцэрце ты быў, калі не сакрэт.

– Так, наведваю час ад часу. Звычайна гэта канцэрты знаёмых беларускіх музыкаў, хаця не заўсёды так. Апошні раз быў на канцэрце гурта “Čas Łajna” пры падтрымцы “Лепшага кваса”. Ён называўся “Весеннее пробуждение”. Прыемныя засталіся ўспаміны.

– Як ставішся да фастфуду?

– Нэйтральна, вельмі-вельмі рэдка харчуюся гэтай “ежай”. Толькі калі зусім няма выбару ці за кампанію магу. А гэта бывае вельмі рэдка. Калі мяне пабачыць, то адразу стане зразумела, як я стаўлюся. Таму можна замест гэтага тэкста прычапіць мой здымак. Так будзе прасьцей.

– Музычная індустрыя ва ўсім свеце пастаянна мяняецца. У Беларусі гэтыя перамены не так прыкметныя. Што б ты хацеў змяніць у музыцы ў Беларусі. Ўсяго адзін пункт.

– Хацеў бы, каб акустычная музыка набрала папулярнасьць. Каб болей людзей пачало ёй цікавіцца, каб яе з радасьцю бралі на радыё, каб у нашай краіне ўзьнікла вялікая колькасьць фэстываляў акустычнай музыкі і г.д. Бо на цяперашні момант можна назіраць даволі сумную карціну. Пэсымістычная дрыгва.

– Пажаданні нашым чытачам.

– Зычу па жыцьці займацца толькі тым, што прыносіць вам асалоду, не глядзець тэлебачаньне і часьцей усьміхацца.