Češskae kino: песні з вуліц Мінска і маленькай кухні

Češskae kino, Минск, Беларусь, Чешское кино

У самым пачатку 2017-ага атрымалася пагутарыць з лідэрам гурта Češskae kino Вадзімам Жураўлёвым пра тое, як усё пачыналася і як існуе зараз, пра музыку, сацыяльныя сеткі і бліжэйшыя планы.

– З чаго ўсё пачыналася?

– Песня “Каты”. Гэта самы “вялікі” наш рэліз. Складана знайсці яшчэ нешта, што выклікала б такую ж рэакцыю. Песня “Вясна”, я лічу, выклікала таксама добрую рэакцыю ў слухачоў у ВК. Я калісьці проста запосціў яе ў сябе на сцяне, людзі каменцілі, дзяліліся ўражаннямі. Але менавіта “Каты” пакуль што – самая вялікая перамога.

– А чаму некаторыя песні выпускалі як відэа, а некаторыя як аудыё?

– Так атрымалася, што песні “Раздеваться и работать”, “Бросай бухать” і некаторыя іншыя ёсць у фармаце відэа. Чаму не аудыё? Мы лічым, што, калі людзі захочуць паслухаць гэтыя песні, яны паглядзяць відос. А аўдыё робім на тыя песні, якіх няма на відэа. Каб у нейкім сэнсе пашыраць кантэнт, каб людзі з розных бакоў знаёміліся з тым, як мы думаем, што мы робім.

– Як ты лічыш, наколькі гэта палезна для музыканта, рабіць такія песні як “Раздеваться и работать”, “Давай до свидания”, напрыклад? Калі гэтае ўсё выстрельвае таму, што людзі становяцца актыўнымі навокал нейкіх падзей, тэгаў, мемаў, глядзяць, слухаюць. А праз некаторы час усё проста забываецца.

– Калі так казаць, напрыклад, у свой час выстреліў “Фараон” са сваім “скр-скр-скр”. Міліён праглядаў. І ў гэтым сэнсе сапраўды можна казаць, што зараз людзі асацыіруюць “Фараона” менавіта з “скр-скр-скр”. І калі кажуць “Фараон”, рэакцыя адразу ж “скр-скр-скр” і напяваюць гэтую песню.

А што пра нас… Калі мы выпусцілі відэа “Раздеваться и работать”, адразу ж зрабілі суполку. Канешне, каб людзей назбіраць, мы ж такія людзі. (смяецца) Спікуляцыі і ўсё такое. І проста… Такія моманты дапамагаюць зацікавіць аўдыторыю. Але мне здаецца, што на суполку падпісваліся не толькі тыя, хто паглядеў “Раздеваться и работать”. Падпісваліся і людзі, якім спадабаўся і астатні кантэнт, які ў нас ўжо быў на той момант. У астатнім… Негатыўнага выбрасу як такога ў нас не было. Каля 40000 праглядаў на той момант для нас было зашмат. Але гэта не тая лічба, якая б асацыіравала нас менавіта з відэа “Раздеваться и работать”. Магчыма, наперадзе мы яшчэ будзем рабіць нешта такое, паглядзім.

– Як табе падаецца, у сучаснасці можа музыка існаваць без сацыяльных сетак? Напрыклад, калі б у вас засталіся толькі YouTube для відэа і SoundCloud для аўдыё, калі нідзе б не было раскладу вашых канцэртаў і іншай інфы. Як бы ўсё было?

– Ну… Расклад канцэртаў можна змясціць напрыканцы відэа, напрыклад. (усміхаецца) А калі казаць пра звыклыя сеткі як, напрыклад, ВК, то мы ў выніках грашовага ці іншых пытанняў не так часта посцім там нешта музыкальнае: відэа ці аўдыё. Відэа і аўдыё – не асноўная частка нашай суполкі. Мы змяшчаем розныя мемчыкі, інфу пра дзейнасць нашых сяброў, іх рэлізы. Гэта таксама важна. А што наконт суполак, калі без іх развівацца… Здаецца, мы проста мелі б зараз меншую аўдыторыю. Таму што камусьці падабаецца і тое, што мы робім пазамежамі музыкі, як мы жартуем, як мы бачым свет. І плюс да гэтага – людзі могуць размаўляць з намі, быць на сувяці. Гэта вельмі важна для нас таксама.

– А калі гаварыць пра музыку, якую ты слухаеш. Напрыклад, адзін беларускі выканаўца, адзін рускі ці ўкраінскі і адзін зусім замежны.

– Складана… Калі пра беларускага казаць. Андрэй Сянькевіч… Не, “Коктейль Шаляпина”. (смяецца) Жартую. Гэта выражаш потым. Беларускі… Ё-мае… Хутчэй за ўсё – “Крамбабуля”.

– Зараз рускі ці ўкраінскі.

– Ну вось я лічу, што… Складана выбраць…

– Але ж нешта прыйшло на думку?

– Так, але для мяне гэты артыст… Я яго ўжо нібы перарос. Зараз не слухаю. Але ён моцна паўплываў на мяне і на тое, што мы рабілі ў гурце “Судороги Степана”. Для мяне гэта “Валентин Стрыкало”. Таму што я рос пад яго ўплывам. І шмат “сцёбных” песень нараджалася менавіта пад уплывам яго музыкі. А зараз для мяне асноўным у гэтым пункце з’яўляецца “Гарри Топор”. Гэтак бывае, што рок-музыкі слухаюць рэп і наадварот. Вось так і ў мяне. Гэта дзіўна, разумею. Спяваю я адно, слухаю іншае. Але ёсць такое. З рускіх выканаўцаў падабаецца мне ён больш за іншых. Ну а з зусім замежных – Hypnogaja. Не ведаю, чаму. Гэта адзін з тых гуртоў, які я пачуў выпадкова. Але зараз гэта для мяне эталон замежнай музыкі. Вось.

– А як лічыш, ці можа існаваць беларускі гурт Hypnogaja на роднай мове? Што для гэтага патрэбна? Будзе гэта цікава нашым людзям? Таму што мова для многіх – важны пункт. Асабліва калі слухаеш іншамоўную музыку і зусім яе не разумееш.

– Зразумела, што для Беларусі, каб стварыць нешта падобнае, патрэбна знешняе наваколле, якое вызначае мысленне. Я веру ў тое, што наваколле вызначае мысленне. У нас я не бачыў, каб рабілі нешта такое на замежны лад. Але прывяду іншы прыклад. Гурт Motorama. Калі ўпершыню пачуў, падумаў, што яны немцы. Потым сябры сказалі, что ЗША. А атрымалася, што Расія. Вось як.

– Мы загаварылі пра асяродзе. Дзе ты пішаш сваю музыку? Як на цябе ўплывае наваколле.

– Па-першае, я ніколі не пісаў свае песні недзе, акрамя Мінску. Гэта важна. Я быў акрамя Мінску дзесьці, але ў іншым наваколлі ў меня не нараджаюцца песні. Я не ведаю, чаму. Я люблю Мінск. І працэнтаў восемдзесят маіх песен напісаны, калі я проста іду па вуліцы. Я іду і не ведаю, як уплывае наваколле на мяне, але ў галаве нараджаюцца рытмы, тэксты. Не ведаю, як гэта працуе.

– А дома пішаш?

– Ну вось астатнія двадцаць працэнтаў я пішу дома. На кухні. На маленькай такой кухні.

Češskae kino, Минск, Беларусь, Чешское кино

– Хто вашая аўдыторыя? Першая частка пытання – для каго вы хацелі б спяваць і каму вы адрасуеце вашую музыку. Другая частка – хто вашая аўдыторыя па факту, хто ходзіць на канцэрты і хто слухае вас.

– Першая частка пытання.. Каму адрасуем.. Зразумела, што гэтыя жартоўныя песні, яны не для ўсіх. Па-першае, гэта школьніцы. Першы элемент любой аўдыторыі. (смяецца) Але тым не менш я ўжо заўважыў ва універсітэце сваім (ён для нас зараз адна з асноўных “арэн”, дзе мы рэкламуем сабе), што большасць водгукаў – добрыя. Таму мы таксама працуем і на такую аўдыторыю па ўзросце, як студэнты. Але і школьніцы канешне! Таму школьніцы + студэнты. Гэта аснова. Наколькі гэта супадае з аўдыторыяй па факту… Аднойчы мы выступалі на канцэртце, дзе былі і дарослыя, і дзеці. І таму было не зусім утульна спяваць некаторыя жартоўныя песні. Але ж мы іх спелі. І было прыемна, што і наша “немэтавая аўдыторыя” таксама смяялася. Нават на фота гэта было бачна потым. А дзеці адышлі. Слава Богу, адышлі, праўда.

– Пачынаецца Новы год. Якія планы ў праекта і што пажадаеш нашым чытачам?

– У праекта амаль што ніякіх планаў на паслянавагоднія святы няма. Прычынай таму сэсія, да і ўвогуле вырашылі ўзяць перапынак пасля насычанага выступамі лістапада. Тым не менш мы абавязкова вернемся з новымі сіламі ў лютым, а таксама запішам яшчэ пару песен для аўдыторыі, таму не трэба разыходзіцца. Што пажадаю чытачам? Хачу ад душы пажадаць не страчваць блізкіх і не жыць, як у нашай песні “Святой отец”.