Доўгі час мы чулі пра іх, пра іх выступы на розных пляцоўках і фестывалях, але толькі цяпер знайшлі магчымасць пагутарыць і падзяліцца іх музыкай з вамі. Сёння – рэліз новага сінгла, а ўжо на наступным тыдні вялікае інтэрв’ю з гуртом “Закон гуку”.

– Пра што новая песня?У чым кардынальнае адрозненне новага сінгла ад папярэдніх рэлізаў?

– Гэтая песня пра новы від адзіноты чалавека – адзіноты ў сеціве, сярод такіх самых гаджэтаў – “фрэндаў”. Адрозненне ў тым, што песня пісалася больш за год і падчас гэтага тэрміну тройчы эвалюцыянавала: змяніўся саўнд, аранжыраванне, структура. Напэўна, мы змянялі ўсё, што толькі можна было змяніць. Таму, ў адрозненні ад астатніх песен, яна далася нам нялёгка. Акрамя таго, ў гэтай песні мы пастараліся дадаць больш модных “штучак” у выглядзе лічбавых эфектаў, сінтоў і гукаў.

– Наколькі для вас важна гучаць аднолькава ў студыйным і канцэртным варыянце песні?

– У прынцыпе, мы стараемся гучаць усюды аднолькава, альбо гучаць на канцэрце лепей, чым на запісу.

– Ці не думалі пра тое, каб зрабіць сумесны трэк з кімсьці з знакамітых артыстаў?

– Ёсць цікавыя задумкі сумесных песен, але гэта пакуль на стыдыі роздумаў…